Пакутнiк за Праваслаўе
Святы прападобнамуманiк Афанасiй Брэсцкi нарадзiўся каля 1597 года ў набожнай сям'i брэсцкіх гараджан Філіповічау. У маладыя гады ён быў хатнім настаўнікам у дамах шляхты, у тым ліку і ў канцлера Літоускага Льва Сапегі. Разгульнае жыццё, якое ён назіраў пры дварах магнатаў, толькі мацавала ў прападобным Афанасіі намер збавіцца ад мірской мітусні і прысвяціць сябе служэнню Богу.
У 1627 годзе Афанасій ад'ехаў у Віленскі Свята-Духаў манастыр, дзе прыняў манаскі пострыг ад ігумена Іосіфа. Адсюль прападобны Афанасій быў пасланы на паслушанне спачатку ў Куцеінскі манастыр над Оршай, а затым - у Міжгорскі каля Кіева. 3 Міжгор'я праподобны Афанасій зноў выехаў ў Вільню, дзе быў узведзены ў сан іераманаха, а праз некаторы час прызначаны намеснікам Дубойскай абіцелі пад Пінскам. Праз тры гады, ў 1636 годзе, абіцель аказалася ў падпарадкаванні іезуітаў, і прападобны Афанасій перайшоў на паслушанне ў Купяціцкі манастыр.
У 1640 годзе святы Афанасій прызначаны ігуменам Свята-Сімяонава манастыра ў Брэсце. Прыбыўшы ў Брэст, прападобны Афанасій перш за ўсё адшукаў старыя епіскапскія і каралеўскія граматы, якімі пацвярджаліся спрадвечныя правы манастыра. Знайшоўшы ў граматах, што "унія з старым Рымам, прынятая насуперак законаў Усходняй Царквы, праклята навекі", прападобны Афанасій стаў даводзіць пра гэта адкрыта ў храме і іншых месцах. У выніку ва ўсім ваяводстве уніяты захваляваліся, адчуваючы вялікую трывогу.
Святы Афанасій неаднаразова ездзіў у Варшаву, звяртаўся да польскага караля і сейма з перакананнямі і патрабаваннем абараніць правы праваслаўных, апавядаючы пра крыўды і ўціск з боку іезуітаў і уніятаў. Да смелых выкрыванняў падзвіжніка аднесліся з вялікім незадавальненнем і адправілі яго на суд да Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы.
У Кіеве прападобны быў апраўданы і па просьбе браціі Брэсцкага манастыра зноў узноўлены ў ігуменстве. Па вяртанні ў Брэст прападобны Афанасій цалкам аддаўся манаскім подзвігам. Адасобленае жыццё інакаў пастаянна парушалася нападамі на манастыр, здзекамі, насмешкамі і перашкодамі.
У 1644 годзе Афанасій як парушальнік спакою быў арыштаваны, адвезены ў Варшаву, закаваны ў кайданы і ў такіх умовах знаходзіўся больш за год. У зняволенні святы Афанасій напісаў малітваслоўе, якое спяваў, каб зменшыць душэўны боль. У вязніцы прападобны Афанасій напісаў каралю Уладзіславу IV тры пасланні з просьбай абараніць Праваслаўную Царкву ў Вялікім княстве Літоўскім.
Выконваючы волю караля, мітрапаліт Пётр Магіла пакінуў Брэсцкага ігумена ў Кіева-Пячэрскім манастыры. Там святы Афанасій напісаў адзін з лепшых сваіх твораў - "Дзённік" ("Дыярыуш"), у якім выкрывалася здрадніцкая сутнасць уніі, вобразна паказана адна з гістарычных старонак барацьбы праваслаўнага народа супраць рыма-каталіцкай агрэсіі.
У 1648 годзе святога Афанасія зноў арыштавалі па ілжываму абвінавачванню ў дапамозе паўстаўшым казакам. У ноч на 5 верасня 1648 г. гайдукі прывялі прападобнага Афанасія ў сасновы бор ля вёскі Гершоны. Там прымусілі яго выкапаць сабе яму, а потым страшэнна катавалі распаленым жалезам, прымушаючы адмовіцца ад выказванняў супраць уніі і каталіцызму. Не губляючы самавалодання, святы падзвіжнік мужна адказаў катам: "Што я казаў, тое сказаў, і з тым паміраю". Пасля гэтых слоў аднаму з гайдукоў загадалі расстраляць святога Афанасія. Уражаны мужнасцю і стойкасцю ігумена, гайдук перад тым, як выканаць загад, прасіў у яго прабачэння і пастырскага благаславення. Яшчэ жывога святога Афанасія скінулі ў яму. Абаронца веры Хрыстовай павярнуўся тварам уверх, склаў рукі крыжападобна і аддаў душу сваю Госпаду.
На працягу васьмі месяцаў цела пакутніка за Праваслаўе, засыпанае зямлёй, ляжала без царкоўнага пахавання. Толькі ў маі 1649 года інакі знайшлі нятленнае цела ігумена, перанеслі ў свой манастыр і з пашанаю пахавалі ля правага кліраса ў галоўным храме брэсцкага манастыра святого Сімяона Стоўпніка.
Прападобны Афанасій быў прызнаны святым хутка пасля сваёй пакутніцкай смерці. У 1666 годзе ў Брэсце было складзена жыціе на польскай мове, у якім ігумен Афанасій называецца "святым і прападобнамучанікам". У 1816 годзе у час пажару, што здарыўся ў Брэсцкім Сімяонаўскім манастыры, драўляны манастырскі храм згарэў, а медная грабніца, у якой захоўваліся мошчы святога, расплавілася. Абгарэлыя часціцы святых мошчаў прападобнамучаніка Афанасія, што ацалелі ў полымі пажару, былі пакладзены ў каўчэг і пастаўлены для ўсенароднага пакланення. Бог дараваў ім цудатворную сілу, пра што сведчаць шматлікія цуды і ацаленні.
У час Першай сусветнай вайны святыя мошчы былі вывезены ў Францыю і толькі ў 1995 годзе часціца мошчаў вернута ў Брэст і цяпер знаходзіцца ў кафедральным Свята-Сімяонаўскім саборы горада Брэста. Храмы, асвячоныя ў Гонар святога Афанасія, ёсць у Віцебску, Мінску і Слоніме. 3 1996 года ў вёсцы Аркадзія Брэсцкага раёна існуе Свята-Афанасьеўскі мужчынскі манастыр.
Падрыхтавала Лідзія КУЛАЖАНКА. (газета "Царкоўнае слова" №31, 2009 год.4-5 стр.)